Гэтыя фотаздымкі былі зроблены ў Кот-д’Iвуары. На іх захаваны як бледнатварыя, так і чарнаскурыя пілоты і тэхнікі. Усе яны ў той ці іншай ступені прынялі ўдзел у вельмі цікавых падзеях лістапада 2004 года.
Спярша трохі перадгісторыя. У 2002 годзе ў Рэспубліцы Кот-д’Iвуар (даслоўны пераклад з французскага — Бераг Слановай Косці) на захадзе Афрыцы ўспыхнула грамадзянская вайна. Яе карані галоўным чынам ляжалі ў канфлікце вакол палітыкі ў адносінах да прышлага насельніцтва. У другой палове XX стагоддзя краіна была вельмі эканамічна развітой для «Чорнага кантынгенту». Сюды накіроўваліся працоўныя мігранты, галоўным чынам з суседніх Малі і Буркіна-Фасо. З цягам часу мігрантаў станавілася ўсё больш. Многія з іх канчаткова аселі ў Кот-д’Iвуары, завялі сям’ю. Іншаземцы групавалiся пераважна на поўначы краіны, якая да таго ж быў мусульманскай, у той час як поўдзень — хрысціянскім. Пры прафранцзскiм рэжыме Уфуэ-Буанi меў месца прыгнёт прышлага насельніцтва, а таксама іх дзяцей, нягледзячы на тое, што апошнія нарадзіліся ўжо ў Кот-д’Iвуары.
На 1998 год 26% жыхароў краіны былi замежнага паходжання. Паводле заканадаўства яны пазбаўлялiся права галасаваць на выбарах. Разам з тым кіраўніком дзяржавы мог стаць толькі чалавек, у якога абодва бацькі з’яўляюцца ўраджэнцамі Кот-д’Iвуара. Абмежаванні ў правах такой колькасці жыхароў разам з эканамічным заняпадам 1990-х і палітычнай барацьбой прывялі да таго, што 19 верасня 2002 года ў краіне пачалася грамадзянская вайна. Паўстанцкая групоўка «Новая сіла», якая аб’яднала пад сваім крылом народнасці буркiнабэ, мандiнка, сенуфа і лобі, за кароткі час захапіла ўсе паўночныя правінцыі. Пад кантролем урада, узначаленым тады прэзідэнтам Ларанам Гбагбо з этнаса бэтэ, заставаліся паўднёвыя тэрыторыі. Улады запыталі дапамогі ў Францыі. Яна дапамагла разгарнуць у Кот-д’Iвуары міратворчыя сілы ААН. «Блакітныя каскі» прыпынілі наступленне апазіцыі, размясціўшыся акурат уздоўж лініі фронту. З гэтага часу ўзброеныя сутыкненні мелі эпізадычны характар, ажыццяўляліся спробы заключыць мір.
Замацую сюды карту для вашай арыентацыі ў прасторы. Звярніце ўвагу на гарады Буаке, Ямусукро і Абіджан. Яны будуць фігураваць у далейшым апавяданні.
Тагачасны кіраўнік дзяржавы — Ларан Гбагбо. У 2011 годзе ён паўстане перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасці. У 2019 палітык быў апраўданы і адпушчаны на волю.
Напэўна, ні Беларусь, ні беларусы ніяк бы не сталі датычныя да дадзенага канфлікту, калі б не захоп мяцежнікамі аэрадрома Буаке, дзе размяшчалася вялікая частка ваеннай авіяцыі краіны. У гэтай сувязі ўладам тэрмінова спатрэбілася аднавіць авіяпарк. У Балгарыі івуарыйцы набылі па два верталёты Мі-8 і Мі-24. Яшчэ чатыры апарата прадала Румынія. Гэта былі верталёты IAR-330 — мадыфікацыя Sud-Aviation SA.330 Puma. Прадаўцом стала і Беларусь. Пастаўкі з Сінявокай склалі чатыры штурмавiка Су-25, адзін Мі-8 і два Мі-24. Партыя Су-25 была прадстаўлена двума аднамеснымі і двума двухмеснымі самалётамі. Першыя атрымалі бартавыя нумары «02» і «03», а другія — «20» і «21». Аднак сабраны і ўкаранёны ў абарот толькі апошнія.
Цікава заўважыць, што акрамя авіяцыі з Беларусі шлі іншыя ўзбраенні. За перыяд 2002—2004 урадавая армія атрымала 10 мінамётаў 2С12 «Сані», 13 БМП-1, 6 РСЗА БМ-21 «Град», 6 БТР-80 i 13 БРДМ-2. Наогул наша краiна — аматар пагандляваць рознымi вайсковымі цацанкамі. Толькі шведскі інстытут SIPRI за 1996—2020 налічыў 70 пакупнікоў беларускай ваеннай прадукцыі. Яно і зразумела: адным — недарагі, часам нават якасны тавар, іншым — грошы. Лішні заробак для Беларусі ніколі не перашкодзіць.
Аднак вернемся да iвуарыйцаў. Разам з тэхнікай у краіну прыбыла група ў ±12 чалавек (тэхнікаў і пілотаў). Іх задачай стала пераабучыць лётчыкаў Гбагбо, якія раней мелi толькi французскія Dassault/Dornier Alpha Jet, эксплуатаваць «сушкі». Кантынгент замежных ваенных спецыялістаў грунтаваўся ў аэрапорце Ямусукро. Тут жа размяшчаўся 2-i гусарскі полк Францыі. Ёсць некаторыя падставы меркаваць, што беларусы дзейнічалі па просьбе французаў. Нібыта Парыж, які хоць і падтрымліваў Гбагбо, але ў канфлікце афіцыйна выступаў міратворцам, каб не паліцца ў супрацоўніцтва з урадам, заручыўся паслугамі беларусаў. Але гэта толькі гіпотэзы і здагадкі, там усё так заблытана, што ой-ой-ой.
Яшчэ ёсць непаразумелкі з самімі беларусамi: гэта кадравыя вайскоўцы, адпраўленыя па дзяржаўнай лініі, або «салдаты поспеху»?
Адначасова ў краіне на ўрадавыя сілы працавалі грамадзяне Украіны і Расіі.
Фотаздымак Су-25 пад нумарам 02 у ангарах ямусукрскага аэрапорта.
Вось яшчэ кадр. Узлёт Су-25УБ (нумар 21), пастаўленага з Беларусі. У кабіне бачны бледнатвары і чарнаскуры.
Пакуль нашы ваенспецы чылілі сабе ў Ямусукро, абвастрылася ваенна-палітычная сітуацыя. У канцы кастрычніка 2004 года ля лініі судакранання паўстанцы перахапілі грузавік са зброяй для ўрадавых войскаў. Мяцежнікі заявілі, што Гбагбо нарошчвае сілы для пачатку наступлення. Групоўка «Новая сіла» заявіла аб выхадзе з мірнага працэсу і абвясціла мабілізацыю. Улады меркавалі астуціць запал праціўніка серыяй авіяўдараў. Ужо 4 лістапада самалёты Су-25 са змешанымі беларуска-івуарыйскімі экіпажамі здзейснілі свой першы баявы вылет. Усё прайшло стандартна: узляцелі, адбамбіліся, прыляцелі.
6 лістапада планавалася здзейсніць новы паветраны ўдар. На заданне самалёты зноў выйшлі парай. Нумар 20 пiлатавалi Барыс Смахін і Патрыс Уэй, нумар 21 — Юрый Сушкін і Анж Гнандует. У 13:20 яны скінулі не менш за 18 бомбаў на варожыя пазіцыі, пасля чаго вярнуліся на базу. Аднак бамбардзіроўцы падвергнуліся не паўстанцы, а база французскіх міратворцаў. Падчас удару загінула 9 вайскоўцаў, яшчэ звыш за 30 былі параненыя. Таксама знішчаны джып, адзін з БТРаў атрымаў некаторыя пашкоджанні. Разам з французамі пад удар трапіў амерыканскі грамадзянскі работнік, што дзейнiчаў у рамках гуманітарнай місіі.
Тагачасны прэзідэнт Францыі Жак Шырак, даведаўшыся пра інцыдэнт, загадаў знішчыць тэхніку на аэрадроме Ямусукро. У 14:15 французскія войскі адкрылі агонь па авіяцыйных машынах з СТРК «Мілан». У выніку загінуў адзін тэхнік-івуарыец і былі пашкоджаны абодва Су-25, а таксама тры верталёты. Вайскоўцы, узяўшы аэрапорт, затрымалі пілотаў і тэхперсанал, у тым лiку беларусаў. Крыху пазней яны ўсіх адпусцілі. У гэты час у Абіджане ўспыхнулі антыфранцузскія пратэсты, якія неўзабаве павярнуліся нападам на грамадзян Францыі. 7 лістапада Парыж уводзіць войскі ў горад, адбываюцца сутыкненні, у якіх гінуць некалькі дзясяткаў чалавек. Самы громкі эксцэс адбыўся 9 лістапада, калi французскія вайскоўцы адкрылі агонь па натоўпе дэманстрантаў каля гасцініцы «Івуар».
Здавалася, што вось-вось ды ўспыхне французска-iвуарская вайна. Насуперак чаканням, абвастрэнне было спушчана на тармазы. Гэта значыць сутыкненнi як рэзка пачалiся, так і рэзка скончыліся. Хіба што Савет Бяспекі ААН наклаў эмбарга на пастаўку ўзбраенняў і любую ваенную дапамогу Кот-д’Івуару, а так нiчога.
Пакоцаны французамi 21-ы ў Ямусукро.
А што ж тым часам рабілі беларусы? Яны вырашылі пакінуць краіну. Спярша выехалі ў Гану, а адтуль у Тога. Аднак там ваенспецы былі арыштаваныя. Тагалезцы паведамілі пра затрыманых французам, аднак тыя заявілі, што беларусаў трэба адпусціць. Праз два тыдні група была ўжо на волі. Кажуць, не без удзелу Роберта Мантоя. Гэты француз праславіўся як бачны гандляр зброяй у развіваныя краіны. Паралельна ў Абіджане затрымалі групу з грамадзян Украіны, Беларусі і Расіі, якіх таксама памутузілі і адпусцілі.
Першае афіцыйнае паведамленне пра беларускіх лётчыкаў датуецца 12 лістапада ад міністра абароны Францыі Мішэль Аліа-Мары. Прадстаўнік МЗС Рэспублікі Беларусь Андрэй Савіных заявіў аб адсутнасці ў краiне якix-небудзь беларусаў. Урад Гбагбо таксама адмаўляў удзел у падзеях замежнiкаў. Аднак французскі бок не супакоіўся. У 2006 і 2016 гадах спрабавалі распачаць крымінальную справу супраць лётчыкаў. Рэальна справа была запушчана ў 2018. У 2020-м намячалася першае судовае пасяджэнне, але з-за пандэміі суд перанеслі.
29 сакавіка 2021 года працэс аднавіўся. Паказанні давалі больш за 90 чалавек (ад міністраў да простых афіцэраў). Спярша ў лік абвінавачаных увайшлі чацвёра: Уэй, Гнандует, Сушкін і Смахін. Апошнi аднак пазней выключылі па невядомых прычынах. У ходзе разглядаў высветліўся той факт, што своечасовая перадача меркаваных злачынцаў ад тагaлезскiх уладаў не ажыццявіўся з-за бяздзейнасці французкіх чыноўнікаў. Так, напрыклад, як заявіў экс-міністр замежных спраў Мішэль Барні, што даваў паказанні на судзе, прэзідэнт Жак Шырак (ён да таго моманту ўжо памёр) прасіў яго не займацца інцыдэнтам у Буаке, бо гэтае пытанне тычыцца вайскоўцаў. Той вырашыў, што івуарыйскую сітуацыю вырашае кіраўнік дзяржавы і ваеннае камандаванне. У сваю чаргу кіраўнік Мінабароны Мішэль Аліа-Мары спаслалася нейкую юрыдычную праблему з перадачай падазраваных Францыі. Яна прызналася, што нават разглядала магчымасць правядзення спецаперацыі па злове падазраваных, але пакуль яна вяла кансультацыі, улады Тога беларусаў ужо вызвалілі.
Па выніку 15 красавіка Гнандует, Сушкін і Уэй былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення за наўмыснае забойства. Усе яны на судзе не прысутнічалі, і прысуд вынесены завочна. А Гнандует і зусім памёр яшчэ ў 2016. Астатнія пакуль спакойна жывуць на волі.
Вось, дарэчы, кадры з тымi самымi беларускiмi лётчыкaмi
Барыс Смахiн (нар. 19 мая 1956). Якая-небудзь iнфармацыя яшчэ адсутнiчае.
Юрый Сушкін (нар. 28 жніўня 1952). Вядома, што ён прымаў удзел у Афганскай вайне, а цяпер выкладае ў Ваеннай акадэміі.
Суд, вядома, асудзіў дзеянні лётчыкаў, але не даў высвятленнi на шэраг пытанняў: Чаму французскія ўлады вырашылі замяць інцыдэнт? Чаму Парыж пачаў з рэзкіх дзеянняў, захапіўшы аэрапорт Ямусукро, а потым адразу ж заціх? Калі атака была наўмыснай, то хто курыраваў пілотаў? (не самі ж яны прынялі рашэнне разбамбіць французаў) Чаму абвінавачаных двойчы затрымалі (у Ямусукро і Тога) і абодва разы адпусцілі? Чаму так доўга марудзілі са следствам?
Тут ёсць некалькi версiй. Паводле Гбагбо, iнцыдэнт у Буаке — падстроеная французская правакацыя з мэтай змяніць кіраўніцтва афрыканскай рэспублікі. Нібыта французы лічылі яго некампетэнтным у пытаннях рашэннях палітычнага крызісу. Адвакат сем’яў загінуўшых вайскоўцаў Жан Балан заявiў, што гэтае здарэнне патрэбна было, каб стварыць падставу для вываду французскай арміi і больш не мучацца з Кот-д’Iвуарам. Нібыта Парыж дамовіўся з нейкімі высокапастаўленымі ваеннымі ўрадавай арміі, якія павінны былі нанесці ўдар па базе ў той момант, калі войскаў там бы ўжо і не было. Аднак змоўшчыкі былі дрэнна скаардынаваныя, што прывяло да ахвяраў сярод французскіх міратворцаў. Iснуе і іншая пазіцыя: удар па французам — памылка (банальна пераблыталi ix з паўстанцамi), а ўсё астатняе — чарада выпадковасцяў і непаразуменняў. Праўда ёсць яшчэ адна, згодна з якой у падзеях не ўдзельнічалі беларусы. Як мяркуецца, французы раптам вырашылі, што самалёты пілатавалі замежнікі, а калі высветлілася адваротнае, спусцілі ўсё на тармазах, каб не ганьбіцца.
Вось неяк так. Дарэчы, гэта было не апошняе з’яўленне беларусаў у Кот-д’Iвуары. Нібыта ў 2005 годзе група грамадзян з Беларусі і Украіны прыбыла ў краіну для аднаўлення авіяцыі, знішчанай падчас падзей лістапада 2004 года. У 2020 годзе, як паведамлялася, гэты куток Афрыкі зноў наведалі беларускія ваенныя спецыялісты. Зараз ужо для дапамогі ў засваенні і абслугоўваннi браніраваных машын.
А што ж тым часам сам Кот-д’Iвуар? У 2007 годзе Гбагбо і паўстанцы падпісалі доўгачаканы мiр. Аднак у 2010—2011 гадах пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў у краіне пачалася новая грамадзянская вайна. Гэтым разам Францыя падтрымала апазіцыю. Гбагбо скінулi, а замест яго прыйшоў новы лідар — Аласан Уатара, які працягвае кіраваць і да сённяшняга дня.